Люты 2018 года аказаўся надзвычай багаты на юбілеі. 210 гадоў мінула з дня нараджэння славутага сына зямлі беларускай, аўтара неўміручай “Пінскай шляхты” Вінцэнта Дуніна- Марцінкевіча. Гэта чалавек на праву лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры. І кожны, хто мае хоць якое-небудзь дачыненне да Беларусі, павінен ведаць гэтага чалавека, яго творчасць, яго заслугі перад Бацькаўшчынай. Бо менавіта яму айчынная літаратура абавязана глыбокім мастацкім пранікненнем у душу свайго народа.
Імя Максіма Гарэцкага, якому сёлета спаўнілася б 125 гадоў, толькі нядаўна заняло належнае яму пачэснае месца побач з іменамі класікаў беларускай літаратуры. Не суджана было здзейсніцца многім творчым планам Гарэцкага- пісьменніка, педагога, вучонага. Рэпрэсіі, што абрынуліся ў 30-я гады на дзеячаў беларускай культуры, бязлітасна абарвалі жыцце пісьменніка, калі яму было 44 гады. Давайце ж усвядомім і асэнсуем словы М.Гарэцкага, звярнутыя да нас:
“Патрэбна паказаць…усім народам зямным, што за народ такі есць- беларусы…”
150 гадоў з дня нараджэння святкуем мы і Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). Гэта быў рознабакова арыентаваны сялянскі інтэлігент-культурнік першай хвалі беларускага адраджэння.Настаўнік-практык, які сеяў збожжа нацыянальнай свядомасці. Быў чалавекам шырокіх творчых інтарэсаў, займаўся многімі галінамі мастацтва і навукі, і ў кожнай з іх пакінуў даволі прыкметны для таго часу след. Вучоны- мовазнавец, фалькларыст, этнограф, жывапісец, графік і скульптар. Займаўся разьбярствам па дрэве і слановай косці.
У свой час М.Багдановіч прысвяціў яму верш:
Змоўк пясняр, затаіў свае песні,
Ен іх болей ужо не пяе,
Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні
Лед халодны ў душы пад напорам іх трэсне,
І струей лынуць вершы з яе.
Гэтак часам уходзіць у землю крыніца,
Дзесь у нетрах таемна бяжыць,
Але мусіць урэшце на волю прабіцца,
Шмат яшчэ на зямлі будзе ліцца- каціцца
І радзімаму краю служыць.